воскресенье, 16 августа 2020 г.

А ці ведаеце вы, што...?

 

 Да сярэдзіны XIX стагоддзя ў Жыровіцкім манастыры зберагалася Жыровіцкае Евангелле, вядомае пад назвай “Евангелле Сапегі”. Яно было створана клопатамі Льва Сапегі - канцлера Вялікага Княства Літоўскага (1557-1633). Леў Сапега падараваў “Жыровіцкае Евангелле” Жыровічам 22 жніўня 1616 года. Падарунак быў уручаны на дзень асвячэння Успенскага сабора.

Рукапіс Жыровіцкага Евангелля складаецца з 404 лістоў, вельмі багата ўпрыгожаны залатымі застаўкамі, мініяцюрамі, арнаментамі. Адчуваецца ўплыў візантыйскай мастацкай традыцыі. На 376-м і 377-м лістах Леў Сапега зрабіў запіс аб ахвяраванні манастыру вялікай часткі яго Шылавіцкага маёнтка(на левым беразе Шчары), багатай царкоўнай рызы, срэбнай чашы і дыскаса, царкоўнага адзення. Надпіс быў зроблены на беларускай мове таго часу.

Ёсць у кнізе і падцвярджальны запіс Багданы Мялежкавай Пржэцлаўскай ад 1620 года на фальварак у Жыровічах.

Сёння Жыровіцкае Евангелле зберагаецца ў Навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. І пра яго вяртанне на радзіму, як сказалі ў Жыровіцкім манастыры, ніхто ніякіх перамоў не вядзе.

Крыніца: Слонімскі буквар:даведнік па горадзе Слоніме і раёне/Сяргей Чыгрын.-Мінск: Кнігазбор,2013.-64с.

 

среда, 12 августа 2020 г.

Мікола Гусоўскі

 

Да 550-годдзя з часу нараджэння Міколы Гусоўскага,

беларускага і польскага паэта,гуманіста  і асветніка эпохі Адраджэння.

 

“Хросны бацька сімвала Беларусі”

Звестак пра жыццёвы і творчы шлях М. Гусоўскага мала. Нарадзіўся ў сям'і паляўнічага. Пачатковую адукацыю атрымаў на Беларусі, паглыбляў веды ў Вільні, Польшчы, Італіі. У1518 г. у складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі трапіў у Рым, дзе канчаткова сфарміравалася яго літаратурнае крэда. Пяру М. Гусоўскага належаць тры паэмы і адзінаццаць вершаў. Памёр каля 1533 г. Мікола Гусоўскі — наш славуты зямляк эпохі Адраджэння, сучаснік Францішка Скарыны. Сёння мы не ведаем дакладна, ні колькі жыў, ні калі памёр паэт. Не акрэслена пакуль што і месца на беларускай зямлі, якое дало свету геніяльнага чалавека, бо паселішчаў і рэк з назвамі Гусаў, Усава, Уса на Беларусі шмат. Адно несумненна: паэт з Гусава нарадзіўся на беларускай зямлі Вялікага княства Літоўскага.

Творчую спадчыну нашага земляка складаюць паэмы «Песня пра зубра» «Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпені месяцы», «Жыццё і подзвіг св. Гіяцынта» і 11 вершаў, змешчаных у кракаўскім выданні зборніка «Песня пра зубра». Самы ўдалы твор М. Гусоўскага, якому былі суджаны доўгае жыццё і вялікая слава, — паэма «Песня пра зубра» (поўная назва «Песня пра постаць, дзікі нораў зубра і паляванне на яго»). Дзякуючы таленту і багатаму жыццёваму вопыту паэта паэма стала песняй яго сэрца, гімнам бацькаўшчыне, паэмай жыцця зямлі «пад зоркай Палярнай».

Цудоўны высокапатрыятычны твор «Песня пра зубра» напісаны ўдалечыні ад радзімы (у 1522 г.) па просьбе папы Льва X, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў. Напісана паэма на лацінскай мове — на той час мове навукі, культуры, міжнародных зносін у Еўропе. На беларускай мове «Песня» з'явілася ў другой палове 60-х гг. у перакладзе Язэпа Семяжона. У 1994 г. чытач змог пазнаёміцца з новым варыянтам славутага твора ў перакладзе У. Шатона.

М. Гусоўскі ў сваёй паэме не толькі апісаў зубрыныя ловы. Ён стварыў узнеслую песню пра беларускую зямлю, пра тое, чым яна багата, пра яе людзей, іх думы і пачуцці, пра прыроду, жывёльны свет гэтага цудоўнага краю. Гэта споведзь пра любоў і нянавісць, жыццё і смерць, вайну і мір. Паэма вучыць нас любові да роднай зямлі, да свайго народа, яго гісторыі, культуры, нацыянальных традыцый, любові і паваге да іншых народаў і іх культур. Паэма заклікае сумленна жыць, змагацца за справядлівасць і праўду, весці няспынную барацьбу за мір і свабоду, за святло і шчасце.

Крыніца: http://vodguki.ru/mikola-gusouski-referat