воскресенье, 16 августа 2020 г.

А ці ведаеце вы, што...?

 

 Да сярэдзіны XIX стагоддзя ў Жыровіцкім манастыры зберагалася Жыровіцкае Евангелле, вядомае пад назвай “Евангелле Сапегі”. Яно было створана клопатамі Льва Сапегі - канцлера Вялікага Княства Літоўскага (1557-1633). Леў Сапега падараваў “Жыровіцкае Евангелле” Жыровічам 22 жніўня 1616 года. Падарунак быў уручаны на дзень асвячэння Успенскага сабора.

Рукапіс Жыровіцкага Евангелля складаецца з 404 лістоў, вельмі багата ўпрыгожаны залатымі застаўкамі, мініяцюрамі, арнаментамі. Адчуваецца ўплыў візантыйскай мастацкай традыцыі. На 376-м і 377-м лістах Леў Сапега зрабіў запіс аб ахвяраванні манастыру вялікай часткі яго Шылавіцкага маёнтка(на левым беразе Шчары), багатай царкоўнай рызы, срэбнай чашы і дыскаса, царкоўнага адзення. Надпіс быў зроблены на беларускай мове таго часу.

Ёсць у кнізе і падцвярджальны запіс Багданы Мялежкавай Пржэцлаўскай ад 1620 года на фальварак у Жыровічах.

Сёння Жыровіцкае Евангелле зберагаецца ў Навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. І пра яго вяртанне на радзіму, як сказалі ў Жыровіцкім манастыры, ніхто ніякіх перамоў не вядзе.

Крыніца: Слонімскі буквар:даведнік па горадзе Слоніме і раёне/Сяргей Чыгрын.-Мінск: Кнігазбор,2013.-64с.