четверг, 10 декабря 2020 г.

Мікола Арочка

Мікола Арочка

10 снежня – 90 год з дня нараджэння М.М. Арочкі, вядомага беларускага  паэта, перакладчыка, літаратуразнаўца і літаратурнага крытыка.

Нарадзіўся Мікола Арочка 10 снежня 1930 года ў невялікай вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў польскай пачатковай школе ў суседняй вёсцы Сялявічы, у Вяліка-Кракоцкай сямігодцы. Калі навучаўся ў 6 класе, захварэў на поліяміэліт . На працягу  двух гадоў быў прыкаваны да ложка, праходзіў курсы складанага лячэння. На працягу ўсяго жыцця  перанесеннае захворванне давала пра сябе знаць. Ва  ўзросце 20 гадоў М.Арочка закончыў Азярніцкую сярэднюю школу Слонімскага раёна і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Там, дарэчы, вучыўся на адным курсе з Нілам Гілевічам, Адамам  Мальдзісам і іншымі будучымі вядомымі літаратарамі і даследчыкамі. Пасля заканчэння БДУ працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” і  часопісе “Сельская гаспадарка Беларусі”,  У трыццацігадовым узросце перанёс цяжкую форму інфаркту і быў вымушаны пакінуць працу. Больш як тры гады ён жыў разам з сям’ёй у роднай вёсцы Вецявічы, праходзячы рэабілітацыю пад апекай родных і блізкіх, і найперш жонкі Марыі Іванаўны, якая, як ніхто іншы,  разумела мужа і  рабіла ўсё для яго здароўя і творчага развіцця.

У 1966 годдзе М.Арочка закончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я.Купалы АН БССР і з таго часу працаваў у гэтай навучальнай установе.

Неабходна падкрэсліць той факт, што Міколу Арочку давялося перанесці цяжкія падзеі, якія аказалі вялікі ўплыў на яго жыццё і творчую дзейнасць. У красавіку 1981 года пры нявысветленых абставінах трагічна загінуў у Мінску старэйшы сын паэта Леанід, які меў схільнасці да літаратурнай працы, у прыватнасці, спрабаваў пісаць п’есы. У снежні 1993 года быў знойдзены мёртвым ва ўрочышчы Зялёнае пад Мінскам малодшы сын Віталій. А праз два гады трагічна загінула пад коламі электрычкі ў Мінску і яго жонка Святлана. Ратуючыся ад трагічнага наканавання лёсу, апошнія два дзесяцігоддзі, згараваныя і прыгнечаныя нядоляю, Мікалай Мікалаевіч і Марыя Іванаўна жылі на радзіме ў вёсцы Вецявічы, выхоўваючы ўнука Валерыка, які ўслед за дзедам пачаў пісаць вершы на беларускай мове. У першыя гады з жыццём пустэльніка пасля развітання са сталіцай было цяжка звыкнуцца. Зямляк і сябар Мікалая Мікалаевіча, паэт А. Лойка гаварыў: “Яго душэўныя раны лепш за ўсѐ лекаваліся роднымі краявідамі”. М. Арочка думаў – праца на зямлі верне сілы, не дасць упасці ў беспрасветны смутак. І не памыліўся. Хадзіў за плугам, касіў траву, даглядаў жывѐлу і птаства. “За першыя сем летаў тут я накасіў сто вазоў сена!”. Але без інтэлектуальнага асяродку пісьменнік сумаваў.

Мо сярод гаркоты самым шчасным

Станецца імгненне, калі воз

На пустым іржышчы дрогка, часта

Пакалыхваў –

                         вочы да нябёс!

Адплывалі, кружачыся, ластаўкі,

Пёры аблачынак, голле дрэў.

І змяшаўся дотык роднасці і ласкі

З болем,

               Што ў глыбінях не тупеў.

                                   “Пах саломы”

У друку з вершамі М. Арочка пачаў выступаць з 1949 г. пад псеўданімамі М. Арчак, М. Ядловец (баранавіцкая абласная газета "Чырвоная звязда"). На творчым рахунку паэта больш за 10 кніг паэзіі, а таксама шматлікія публікацыі ў перыёдыцы. Першы ж  зборнік  "Не ўсе лугі пакошаны…" выйшаў у свет у 1958 г., затым кнігі: "Ветраломная паласа" (1962), "Крылатае семя" (1967), "Кветкі бяссмертніка" (1972), "Матчына жыта" (1978),"Бяздонне" (1985), Падземныя замкі" (1986) і інш. Лепшыя вершы аўтара з’яўляюцца аўтабіяграфічнымі (“Далучэнне да зямлі”, “Дарогай світання”, “Пах саломы”).

Вядома, што адна з прыкмет нашага часу - паварот грамадства да агульначалавечых хрысціянскіх каштоўнасцей. Гэта з'ява, узмоцненная горкім вопытам Чарнобыля, выклікала да жыцця творы на біблейскія матывы. Зварот М. Арочкі да хрысціянскай тэматыкі, пытанняў веры абумоўлены да таго ж і асабістым лёсам (вершы "Укрыжаванне", "Малітва сына Віталія", "Святая зямля", "У пустой капліцы", "Асвячэнне крыніцы" і інш.). Нярэдка звяртаўся пісьменнік да вобраза каханай жанчыны ("Ласкавасць", "Ты даравала ўсѐ", "Год спакойнага сэрца" і інш.).

Таксама пяру Міколы Арочкі належаць кніга вершаў для дзяцей “У птушынай вѐсцы” (1964), аповесць “Хай расце маладая таполя” (1964), кніга гумарыстычных вершаў “Рагуля на экскурсіі” (1962).

Асноўныя рысы паэзіі М.Арочкі – задушэўнасць, засяроджаны роздум аб жыцці і часе. У творах апошніх гадоў – паглыбленне філасоўскага пачатку, зварот да перажытага ў вайну і гістарычнага мінулага. Выдатнай з’явай у беларускай літаратуры сталі кнігі драматычных паэм “Курганне” (1978) , “Крэва” (1982), “Судны дзень Скарыны” (1990).

         Цікава, што з паэтам дзіўным чынам ужываліся літаратуразнавец і крытык. Выйшлі крытыка-літаратуразнаўчыя кнігі “Валянцін Таўлай” (1969), “Галоўная служба паэзіі” (1974), “Беларуская савецкая паэма” (1979), “Саюз часу і майстэрства” (1981), “Максім Танк. Жыццё ў паэзіі” (1984), “Паэзія і вайна” (1987).  З’яўляецца адным з аўтараў “Истории белорусской советской литературы» (1977). Выступае і як перакладчык з рускай, латышскай, польскай, англійскай моваў.

Творчая спадчына Міколы Арочкі з’яўляецца прыкладам сумленнага служэння пісьменніка, гуманіста, патрыёта роднай зямлі. Яго творы развіваюць і ўзвышаюць, дапамагаюць асэнсоўваць праблемы жыцця чалавека і грамадства. Пазнаёміцца з багатай творчай спадчынай нашага вядомага пісьменніка- земляка вы зможаце, наведаўшы музей беларускай кнігі, што працуе пры нашай слонімскай раённай бібліятэцы Імя Я. Коласа.

Пасля цяжкай і працяглай хваробы 2 сакавіка 2013 года пайшоў з жыцця пісьменнік шчодрага і шматграннага таленту, разнастайных творчых магчымасцей, вядомы беларускі паэт, перакладчык, літаратуразнаўца і літаратурны крытык, доктар філалагічных навук наш зямляк - Мікола Арочка.

У вясковай хаце засталіся на стале недапісаныя вершы і паэмы Міколы Арочкі, а на кніжных паліцах сумуюць сёння без свайго гаспадара дзясяткі кніг, многія з якіх падараваны пісьменнікамі з аўтографамі і пажаданнямі.

Не спазнаў усяго, не пабачыў,

Ад жыцця браць усё не ўмеў.

Аднаго я хацеў –

                             Без астачы

Праспяваць свайму краю спеў.

 Творчасць нашага земляка будзе вечна жыць у людскіх сэрцах і памяці і назаўсёды застанецца ў гісторыі Слонімшчыны.

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий